ВІ́ЦЕБСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ РСДРП.

Існавала з канца 1903 да канца 1917. З сак. 1904 уваходзіла ў Паўночна-Заходні камітэт РСДРП, з жн. 1905 — у Паўн.-Зах. саюз РСДРП, з чэрв. 1906 — у Абласны саюз РСДРП Літвы і Беларусі.

На канец 1904 налічвала 180 чл., у 1905 — 650 чл., аб’ядноўвала 17 гурткоў. Арганізоўвала забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі, сходы рабочых, выпускала лістоўкі. У рэвалюцыю 1905—07 прадстаўнікі арг-цыі ўваходзілі ў Віцебскі кааліцыйны камітэт. Дэлегаты арг-цыі ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. У пач. 1-й сусв. вайны ва ўмовах увядзення ваен. становішча ў губерні ў жн. 1914 арг-цыя разгромлена.

15.3.1917 створана Віцебская аб’яднаная арганізацыя РСДРП, у якую ўваходзілі меншавікі, бундаўцы і бальшавікі.

15.7.1917 аформлена Віцебская арг-цыя РСДРП (інтэрнацыяналістаў), якая з 28.9.1917 называлася Віцебская арганізацыя РСДРП (бальшавікоў). Яна ўвайшла ў Паўн.-Зах. абл. арг-цыю РКП(б). Пасля Кастр. ўзбр. паўстання Віцебскі к-т РСДРП(б) утварыў Віцебскі ВРК.

В.С.Савіцкая.

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)